Марыінская жаночая гімназія (Гродна)
Марыінская жаночая гімназія існавала ў Гродне з 1860 па 1915 гады. Да нашага часу захаваўся будынак гімназіі, які цяпер займае Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Будынак былой гімназіі знаходзіцца па адрасе: вуліца Ажэшка, 22.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Жаночая Марыінская гімназія адкрылася ў 1860 годзе на базе сямікласнага вучылішча, заснаванага двума гадамі раней. Марыінскія гімназіі знаходзіліся пад заступніцтвам імператрыцы Марыі Аляксандраўны і рыхтавалі педагогаў — хатніх настаўнікаў і выкладчыкаў. У іерархіі рангаў Расійскай імперыі ўстановы імператрыцы Марыі мелі больш высокі статус, чым гімназіі і вучылішчы Міністэрства народнай асветы.
Першапачаткова гімназія знаходзілася ў будынку флігеля дамініканскага манастыра. Аднак з ростам ліку вучаніц (к пачатку ХХ стагоддзя ў гімназіі навучалася больш за 500 выхаванак) наспела неабходнасць у новым будынку, які быў пабудаваны ў 1893 годзе. Дзяўчынкі вучыліся ў гімназіі 7 гадоў і за гэты час вывучалі Закон Божы, рускую мову і пісьменства, гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, арыфметыку, геаметрыю, фізіку і інш. Дадаткова гімназісткі маглі асвоіць замежную мову (французская або нямецкая), маляванне, танцы, музыку. Плата за навучанне была па тых мерках значная — 70 рублёў у год (што складала некалькі месячных заробкаў кваліфікаванага рабочага або настаўніка), аднак шэраг выхаванак вызваляўся ад аплаты. У жніўні 1915 года ў сувязі з надыходам кайзераўскай арміі гімназія была эвакуіравана ў Калугу.
Будынак гімназіі
[правіць | правіць зыходнік]Трохпавярховы будынак пабудаваны ў 1893 годзе, аўтар праекта — В. Ф. Нябольсін. Будынак Г-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад вылучаны і двумя бакавымі рызалітамі. Дом абліцаваны жоўтай цэглай. Строгі характар будынку надае выразны рытм аконных праёмаў. Планіроўка дома — аднабаковае размяшчэнне класных пакояў. Вакол двух лесвічных клетак знаходзіліся тэхнічныя памяшканні і лабараторыі. Будынак — помнік архітэктуры позняга класіцызму.